ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ АКУ́СТЫКА,

раздзел акустыкі, які вывучае законы распаўсюджвання гуку на аснове ўяўленняў пра гукавыя прамяні (лініі, уздоўж якіх распаўсюджваецца гукавая энергія). Найб. просты выгляд (прамыя лініі) прамяні маюць у аднародным ізатропным асяроддзі. Геаметрычная акустыка — гранічны выпадак хвалевай акустыкі пры пераходзе да бясконца малой даўжыні хвалі; законы геаметрычнай акустыкі выконваюцца ў тых выпадках, калі можна не ўлічваць дыфракцыю хваль. Для гукавых прамянёў справядлівы тыя ж законы адбіцця і пераламлення, што і для светлавых. Ураўненні геаметрычнай акустыкі падобныя да ўраўненняў геаметрычнай оптыкі. Выкарыстоўваецца ў арх. акустыцы, гідралакацыі і інш.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)